ВАЛО́ЖЫНСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1806 (арх. А.Касакоўскі) у г. Валожын Мінскай вобл., на беразе р. Валожынка. Фундатар і ўладальнік граф Ю.Тышкевіч. Аднапавярховы мураваны палац і бакавыя флігелі ўтвараюць прамавугольны парадны двор. Палац мае сіметрычную кампазіцыю, накрыты 2-схільным вальмавым дахам са сферычным купалам у цэнтры. Франтальныя фасады ў цэнтры вылучаны рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя сандрыкі, пілястры. Флігелі — прамавугольныя ў плане 1-павярховыя будынкі, іх цэнтр. часткі з мансардамі вылучаны 4-калоннымі дарычнымі порцікамі.
т. 3, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)